ДЗЕНЬ БІБЛІЯТЭК
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.09.2001 у нашай краіне 15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк. Дата выбраная невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень 96 гадоў таму адкрылася Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта самае буйное кнігасховішча краіны, бібліятэчны фонд якога налічвае каля 10 мільёнаў адзінак. Традыцыйна для супрацоўнікаў бібліятэк гэта рабочы дзень, а вось наведвальнікаў на працягу ўсяго тыдня і нават пасля свята чакаюць урачыстыя мерапрыемствы, інтэрактыўныя экскурсіі і выставы.
Сучасная бібліятэка – гэта інфармацыйны, культурны і адукацыйны цэнтр грамадскага жыцця, без якога цяжка ўявіць сабе свет. Калі спытаць у беларуса, што ён ведае пра бібліятэку, то, хутчэй за ўсё, першае, што ён згадае, будзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі – наш гонар і жамчужына беларускай сталіцы. А што ж яшчэ хаваюць кніжныя скарбніцы?
Адным з самых цікавых і арыгінальных экспанатаў Музея кнігі Нацыянальнай бібліятэкі з’яўляецца мікракніга «Чудо из чудес». Гэта маскоўскае выданне 1985 года з выказваннямі Аляксандра Пушкіна і Максіма Горкага на пяці мовах свету. Памер кнігі ўсяго 9х6 мм. Ёсць тут і кніга-волат памерам 99х66 см – гэта фундаментальная праца амерыканскага арнітолага і мастака Джэймса Адзюбона «Птицы Америки». Кніга выйшла ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя накладам 200 асобнікаў. Тут сабраны адбіткі гравюр з выявамі птушак у натуральную велічыню.
Многія лічаць, што ў бібліятэцы неабходна захоўваць абсалютную цішыню і, напрыклад, слухаць музыку тут нельга. Але гэта няпраўда. У Нацыянальнай бібліятэцы можна паслухаць музыку ў спецыяльнай зале нотных і аўдыёвізуальных дакументаў, а таксама сыграць на фартэпіяна або ўласным музычным інструменце ў спецыяльным гукаізаляваным памяшканні. А яшчэ ў Мінску ёсць спецыялізаваная нотна-музычная бібліятэка, дзе можна паслухаць музыку і замовіць алічбоўку любімай кружэлкі.
Сёння ў Беларусі налічваецца больш за 2500 публічных бібліятэк, фонд якіх складае больш за 54,5 млн асобнікаў, колькасць карыстальнікаў публічных бібліятэк – больш за 3 млн 200 тыс. чалавек.
Адным з самых вядомых беларускіх бібліятэкараў быў Янка Купала, які ў 1908–1909 гадах у Вільні працаваў у бібліятэцы «Веды» Б. Л. Даніловіча, а ў 1919 годзе – у бібліятэцы ўстановы Народнага камісарыята асветы ў Мінску.
Бібліятэчная справа ў Беларусі мае доўгую і багатую гісторыю, якая дае імпульс для развіцця ў сучасных умовах. У краіне дзейнічае шматгаліновая сетка, што забяспечвае агульнадаступнасць бібліятэчных паслуг і рознабаковыя інфармацыйныя патрэбы насельніцтва. Сёння сістэма бібліятэк Беларусі ўключае амаль 9,3 тысячы публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фондаў звыш 200 мільёнаў экзэмпляраў.
Кніга для чалавека — заўсёды верны сябар і мудры настаўнік, які дорыць магчымасць дакрануцца да культурнай спадчыны стагоддзяў, дапамагае знайсці адказы на многія пытанні. У сучасным грамадстве, дзе інфармацыя з’яўляецца рухаючай сілай, бібліятэкі, іх каштоўныя калекцыі і сучасныя інфармацыйныя рэсурсы набываюць усё большае значэнне.
Карыстаючыся нагодай, віншуем у тым ліку і супрацоўнікаў нашай бібліятэкі, а таксам чытачоў і наведвальнікаў сайта са святам — Днём бібліятэк Беларусі! Жадаем новых творчых дасягненняў і смелых праектаў.