МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ МУЗЫКІ

Міжнародны дзень музыкі, які адзначаецца штогод 1 кастрычніка, пачынаючы з 1975 года, быў заснаваны па ініцыятыве Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА на 15-й Генеральнай асамблеі IMC ў Лазане. Адным з ініцыятараў заснавання Міжнароднага дня музыкі з’яўляецца кампазітар Дзмітрый Шастаковіч.

Свята адзначаецца штогод ва ўсім свеце вялікімі канцэртнымі праграмамі з удзелам лепшых артыстаў і мастацкіх калектываў. У гэты дзень гучаць творы, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай культуры. Таксама праходзяць творчыя сустрэчы з кампазітарамі і  выканаўцамі, арганізуюцца тэматычныя выставы і акцыі асветніцкага характару, што спрыяе мэты распаўсюджвання музыкі як мастацтва ў самых розных супольнасцях.

Музыка — від мастацтва, у якім сродкам увасаблення мастацкіх вобразаў служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі. З музыкай чалавецтва знаёма з даўніх часоў. Яна валодае велізарнай сілай. На свеце мала знойдзецца людзей, абыякавых да музыкі. Многія кампазітары спрабавалі выказаць праз яе стан сваёй душы. Іх вялікія імёны заўсёды з удзячнасцю будуць прамаўляць нашчадкі. Музыка не старэе, яна будзе жыць столькі, колькі будзе існаваць чалавек. А Міжнародны дзень музыкі рэалізуе ідэю збліжэння і дружбы паміж народамі, ўзаемнага ўзбагачэння культур, бо мова музыкі інтэрнацыянальная і зразумелая ўсім, хто адчувае…

                    Размаўляйце на мове музыкі!

Previous Article
Next Article