ЛЮБІМЫЯ ВЕРШЫ
Сёлетні год багаты на літаратурныя юбілеі — уся краіна адзначае 140-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Навучэнцы і выкладчыкі УА “Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж” напярэдадні Купалля ўшанавалі гонар першага з іх: наведалі выставу твораў у бібліятэцы і далучыліся да рэспубліканскага флэшмоба па выразнаму чытанню любімых вершаў паэта.
Прапануем усім далучыцца да гэтай акцыі і выбраць верш на свой густ: “Лета” згодна календара або “Спадчына” у адпаведнасці з Годам гістарычнай памяці.
Янка Купала
Лета
Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!
Цягнуцца стройна шнуры каласістыя,
Пахне павабна трава над ракой.
Гнуцца на лузе касцы немарудныя,
Дзе-нідзе ў постаці серп заскакаў;
Песня пачулася наская, нудная,—
Рэха панеслася — бор адказаў.
Шум пакаціўся ад лесу адзетага;
Сонца купаецца ў полыску рос;
Эх! каб, здаецца, ды шчасце да гэтага!
Эх, каб, здаецца, менш гора і слёз!..
Янка Купала
Спадчына
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладбішчы.
І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.